ТЫЛЬЗІ́ЦКІ МІР 1807,

мірны дагавор паміж Расіяй і Францыяй, які завяршыў руска-пруска-французскую вайну 1806—07. Падпісаны 7 ліп. ў г. Тыльзіт (цяпер г. Савецк Калінінградскай вобл. Расіі) у выніку асабістых перагавораў паміж імператарамі Аляксандрам I і Напалеонам I. Паводле Т.м. Прусія страчвала амаль палавіну сваёй тэрыторыі: на адабраных у яе землях утвараліся Вестфальскае каралеўства і Варшаўскае герцагства; Беластоцкая вобласць адыходзіла да Расіі; Данцыг (цяпер Гданьск) абвяшчаўся вольным горадам. Расія абавязвалася спыніць вайну з Турцыяй і пасрэднічаць у мірных перагаворах паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй. Францыя абавязвалася выступіць пасрэднікам паміж Расіяй і Турцыяй. Расія далучалася да накіраванай супраць Вялікабрытаніі кантынентальнай блакады і прызнавала суверэнітэт Францыі над Іанічнымі астравамі, абавязвалася вывесці войскі з Дунайскіх княстваў. Т.м. ускладніў міжнар. і эканам. становішча Расіі, выклікаў руска-англійскую вайну на моры 1807—12. Дзейнічаў да вайны 1812.

т. 16, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)